Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лельчыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёнa
22 ліпеня 2021

Цвёрдасць, рашучасць і сіла духу - выстава "Мужчынскі партрэт" адкрыецца ў Гомелі

22 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава Руслана Карпава "Мужчынскі партрэт" адкрыецца 22 ліпеня ў Гомелі ў музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў сетцы публічных бібліятэк горада Гомеля.

У экспазіцыі - чорна-белыя фатаграфіі мужчын розных нацыянальнасцей, узростаў і прафесій. "Людзі на фотапартрэтах засяроджаныя, сур'ёзныя, з жывымі эмоцыямі. Вобразы мужныя і брутальныя. У секундным поглядзе кожнага фатограф змог улавіць моцныя эмоцыі і рашучасць духу, цвёрдасць, якія ўласцівы мужчынскаму характару", - адзначылі ў дзяржаўнай установе.

У бібліятэцы расказалі: першы партрэт аўтара атрымаўся выпадкова. Ён адпрацоўваў на практыцы прачытаную ў фотачасопісах тэорыю, зняў вядомага вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча. "Фатаграфія адрознівалася ад рэальнасці: на вуліцы ўсе бачаць пастаянна ўсмешлівага дзядулю, на здымку ж быў мудры старац з абпаленым на сонцы тварам і зрэзаным глыбокімі маршчынамі лбом. Атрымалася цэлая гісторыя жыцця ў адным здымку", - падкрэслілі ў дзяржустанове.

Пачатак чорна-белай серыі паклаў фотапартрэт расійскага падарожніка Пятра Нікіціна. Фатаграфія была адабрана з 2 тыс. здымкаў на міжнародны конкурс FotoEmotion (Іспанія) і разам з 17 іншымі работамі выстаўлялася ў галерэі "Максо" ў Барселоне. "Дарэчы, на адкрыцці выставы можна будзе ўбачыць відэатрансляцыю гэтай анлайн-выставы ў Барселоне", - удакладнілі ў сетцы публічных бібліятэк.

Руслан Карпаў нарадзіўся ў 1969 годзе. Першае яго знаёмства з чорна-белай фатаграфіяй адбылося яшчэ ў чатырохгадовым узросце. Бацька аўтара займаўся фатаграфаваннем, і Руслан гадзінамі мог разглядаць здымкі. У 2004-м ён набыў сваю першую "лічбу", шмат эксперыментаваў: здымаў архітэктуру, кветкі, захады сонца, ствараў калажы, выкарыстоўваў розныя эфекты.

Выстава "Мужчынскі партрэт" прадоўжыцца ў бібліятэцы да 22 жніўня. Уваход свабодны.