Адрас: 247841, г.п. Лельчыцы,
вул. Савецкая, 42
Е-mail: isp@lelchitsy.gov.by
Тэлефон / факс: (+375 2356) 4 22 10
Вучні раённай гімназіі вярнуліся дадому з перамогай
Традыцыйна ў сценах гімназіі імя Я.Купалы горада Мазыра адбылося мерапрыемства «Купалаўскія чытанні». Конкурс праходзіў сярод навучэнцаў гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці, школ Мазыра і Мазырскага раёна. Па словах арганізатараў, сёлета ў ім прынялі ўдзел 383 канкурсанты. Наш раён прадстаўлялі вучні раённай гімназіі, якія плённа выступілі і вярнуліся дадому з перамогай.
Вучаніцы 11 класа Юлія Бух і Марыя Паўлечка прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў. Яны прадставілі работы на тэму «Вайна ў творах беларускай літаратуры». Малюнкі нашых дзяўчынак былі ўзнагароджаны дыпломамі II і III ступені.
У секцыі «Святыня народа» ўдзел прымалі вучаніца 8 «Б» класа Дар’я Рафаловіч і вучаніцы 11 «А» класа Ганна Хамутоўская i Вiкторыя Сасноўская. Канкурсанткі павінны былі прачытаць твор пра вайну.
— Для Дар’і Рафаловіч гэтае спаборніцтва было ўпершыню, — сцвярджае педагог беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Надзея Алесіч, якая рыхтавала вучаніцу, — можна сказаць, дэбют, і дзяўчынка яго вытрымала, прадэманстравала свае творчыя здольнасці і перамагла.
— Мае дзяўчаты не першы год удзельнічаюць у Купалаўскіх чытаннях і ведаюць, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб атрымаць перамогу, — уключаецца ў размову настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Валянціна Казачок. — Яны і раней вярталіся з дыпломамі, радуе, што і сёння яны пацвярдзілі свае творчыя здольнасці.
Вучань 11 «Б» класа Іван Багдаевіч прымаў удзел у секцыі «Культурная спадчына». Яго задача была абараніць даследчую працу, падрыхтаваную пад кіраўніцтвам педагога Валянціны Казачок, і адказаць на пытанні журы. Іван прадэманстраваў высокі ўзровень інтэлекту, абаяльнасць, творчыя здольнасці і, як і ў мінулым годзе, атрымаў дыплом I ступені.
Шчыра віншуем таленавітых вучняў і іх педагогаў з перамогай і жадаем ім далейшых поспехаў.